З пачатку бягучага года ўступілі ў сілу змяненні ў асноўны дакумент, які рэгулюе пытанне аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый у галіне адукацыі. У Беларускім прафесійным саюзе работнікаў адукацыі і навукі другі месяц працуе гарачая лінія па пытаннях гэтых змяненняў.
Алена ВЯРБІЛО, загадчыца аддзела сацыяльна-эканамічнай работы Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі
2 снежня 2022 года Міністэрства адукацыі прыняло пастанову № 461, у якой унесены змяненні ў пастанову Міністэрства адукацыі № 71 ад 3 чэрвеня 2019 года, гэта значыць у асноўны дакумент, які рэгулюе пытанне аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый у галіне адукацыі.
Асноўная частка новага дакумента тычыцца павышэння заработнай платы ў адносінах да асобных катэгорый педагагічных работнікаў. Так, пастановай № 461, якая ўступіла ў сілу 1 студзеня бягучага года, устанаўліваецца надбаўка за работу ў галіне настаўнікам (за выключэннем настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў), выкладчыкам (за выключэннем прафесарскавыкладчыцкага складу), майстрам вытворчага навучання ўстаноў адукацыі ў памеры 6 працэнтаў ад акладу. Надбаўка ў 15 працэнтаў ад акладу ўстанаўліваецца асобам з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу, а ў 20 працэнтаў — метадыстам і кіраўнікам структурных падраздзяленняў, адасобленых падраздзяленняў, якія ажыццяўляюць навукова-метадычнае забеспячэнне на абласным і раённым узроўні (інстытуты развіцця адукацыі, вучэбна-метадычныя цэнтры, вучэбна-метадычныя кабінеты). Пры гэтым раней прадугледжаная даплата да мінімальнай заработнай платы работніка зараз адменена. Адначасова ўстанаўліваецца надбаўка за характар працы. Таксама змяненні закранулі “даплаты за асаблівыя ўмовы працы” ў адносінах да вадзіцеляў, якія ажыццяўляюць аўтамабільныя перавозкі навучэнцаў, у прадугледжаных заканадаўствам выпадках.
Улічваючы, што гэта новая выплата, ва ўзаемадзеянні з Міністэрствам адукацыі Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі і ўсе яго арганізацыйныя структуры пачалі працаваць над рэалізацыяй пастановы.
Папярэдне было праведзена шмат нарад з Міністэрствам адукацыі, бо з нашым удзелам у тым ліку распрацоўваўся праект пастановы, нашы меркаванні ўлічваліся. Напрыклад, пры садзейнічанні галіновага прафсаюза ўнесены змяненні ў пастанову ў частцы адмены віду транспартнага сродку. Раней даплата за асаблівыя ўмовы працы прадугледжвалася толькі вадзіцелю аўтобуса, які ажыццяўляе аўтамабільныя перавозкі школьным аўтобусам. Пры гэтым не кожны транспарт трапляў пад азначэнне “школьны аўтобус”.
Далей неабходна было правесці інфармацыйна-растлумачальную работу ў працоўных калектывах. І вось тут нашай задачай было сумесна з наймальнікам растлумачыць работнікам сутнасць новага дакумента, каб ніводнаму работніку ўзровень зарплаты не быў зніжаны ў параўнанні з папярэднім месяцам.
Павышэнне аплаты працы работнікам праводзіцца паэтапна, каб планамерна ахапіць кожную катэгорыю работнікаў. З 1 верасня 2022 года галіновая надбаўка была ўстаноўлена выхавальнікам і памочнікам выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, з 1 студзеня 2023 года — настаўнікам, прафесарска-выкладчыцкаму складу, метадыстам і г.д.
Наступны этап нашай дзейнасці — прывядзенне ў адпаведнасць з новым дакументам лакальных прававых актаў. Паколькі ў нас усе палажэнні стымулюючага і кампенсуючага характару з’яўляюцца неад’емнай часткай калектыўнага дагавора, неабходна было на працягу снежня 2022 — студзеня 2023 года ўнесці ў яго змяненні, каб былі падставы аплаты працы работнікаў за студзень 2023 года. На месцах прафкамы сумесна з наймальнікамі працавалі над распрацоўкай палажэнняў аб парадку ўстанаўлення надбаўкі за характар працы.
У адносінах да рабочых і міжгаліновых служачых надбаўка за характар працы прадугледжана ўпершыню, таму неабходна было распрацаваць крытэрыі і прадугледзець памеры такой надбаўкі.
Так, на надбаўку за характар працы рабочым, дзяжурнаму па інтэрнаце, дзяжурнаму па рэжыме, сакратару вучэбнай часткі, работнікам бюджэтных арганізацый сферы адукацыі, пасады служачых якіх з’яўляюцца агульнымі для ўсіх відаў эканамічнай дзейнасці, накіроўваюцца сродкі ў памеры ад 50 да 110 (уключна) працэнтаў ад сумы акладаў названых работнікаў. У адносінах да кожнага работніка памер надбаўкі вызначаецца індывідуальна. Хачу падкрэсліць, што менавіта галіновы прафсаюз, мінская гарадская і абласныя арганізацыі прафсаюза распрацоўвалі прыкладнае палажэнне і накіроўвалі яго ў раённыя (гарадскія) арганізацыі, а ўжо ўстановы адукацыі з удзелам прафкама сумесна на месцах разглядалі, наколькі распрацаванае палажэнне прымальнае, і прадугледжвалі крытэрыі і памеры надбаўкі.
У сувязі з уступленнем у сілу пастановы № 461 ва ўсіх арганізацыях галіновага прафсаюза пачала працаваць гарачая лінія, каб у работнікаў была магчымасць задаць пытанні па памеры іх зарплаты.
Пакуль людзі не ўбачылі разліковыя лісткі, за студзень у арганізацыі галіновага прафсаюза паступілі 104 пытанні — прыкладна аднолькавая колькасць ад кожнага рэгіёна, толькі крыху больш пытанняў было з Мінскай вобласці. Прычым пытанні тычыліся ў большасці сваёй “сацыяльнай несправядлівасці”: незадаволенасць тым, што ім пакуль не прадугледжана галіновая надбаўка, выказвалі настаўнікі-дэфектолагі, педагогі-псіхолагі, сацыяльныя педагогі, якіх не закранула прынятая пастанова. Трэба разумець, што павышэнне аплаты працы работнікам праводзіцца паэтапна, каб планамерна ахапіць кожную катэгорыю работнікаў. Напрыклад, з 1 верасня 2022 года галіновая надбаўка была ўстаноўлена выхавальнікам і памочнікам выхавальнікаў дашкольнай адукацыі, з 1 студзеня — вышэйназваным настаўнікам, прафесарска-выкладчыцкаму складу, метадыстам і г.д. Спадзяёмся, што наступнай атрымае надбаўку тая катэгорыя работнікаў, якая пакуль засталася па-за прынятымі раней пастановамі. Работа будзе працягнута. Ёсць разуменне ў гэтай сувязі і ў Міністэрства адукацыі.
Паколькі ўжо настаў час выплаты зарплаты з улікам дзейнасці новага дакумента, прафсаюз актыўна дапамагае наймальнікам праводзіць растлумачальную работу сярод работнікаў.
Некаму неабходна дапамога ў частцы фармулёўкі або крытэрыяў. Адзначу, што пакуль да нас не паступаюць скаргі на тое, што зарплата ў работніка знізілася ў параўнанні з папярэднім месяцам. Спадзяюся, што гэтыя змяненні не выклічуць сацыяльнага напружання ў працоўных калектывах — мы за гэтым пільна сочым разам з Міністэрствам адукацыі. Будзем глядзець, у чым можна ўдасканаліць распрацаваныя палажэнні, каб выканаць галоўную задачу — не дапусціць зніжэння ўзроўню зарплаты работнікаў.
Ёсць у нас пытанні і да надбавак за работу па кантракце. Нядаўні маніторынг гэтай сферы паказаў, што ў асобных рэгіёнах, напрыклад, у Гомельскай вобласці і Мінскім раёне Мінскай вобласці, ёсць над чым працаваць. Педагогі лічаць, што надбаўка ў памеры 1 працэнта за работу па кантракце недастатковая, і галіновы прафсаюз з гэтым цалкам згодны. Мы бачым, дзе ёсць прабелы і дзе ёсць магчымыя пункты росту.
Як дзейнічаць кіраўніку ўстановы адукацыі, каб зняць пытанні, якія ўзнікаюць у работнікаў яго калектыву ў сувязі з новымі падыходамі да аплаты працы?
Лічу, што нізкая інфармаванасць работнікаў на месцах з’яўляецца асноўнай прычынай звароту ў вышэйстаячыя арганізацыі, хаця ў большасці калектыўных дагавораў ёсць пазнака, што наймальнік абавязаны аператыўна давесці неабходную інфармацыю па змяненнях аплаты працы да работнікаў, праінфармаваць людзей аб прынятых новых нарматыўных прававых актах. Калі ж наймальнік не здольны цалкам адказаць на пытанні, якія ўзнікаюць у работнікаў, лепш звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў, якія займаюцца пытаннямі аплаты працы, у цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый або прафсаюз. На інфармаванасць людзей мы нацэльваем і прафсаюзных лідараў, каб у работніка, які атрымаў разліковы лісток, не ўзнікала пытанняў, чаму адтуль знік радок “даплата да мінімальнай заработнай платы”.
Нядаўна была ў гімназіі № 2 Мінска, і перад прафсаюзным сходам з працоўным калектывам гутарыла з дырэктарам установы адукацыі Ліліяй Мінько. Лілія Міхайлаўна сказала, што, атрымаўшы разліковыя лісткі за студзень, па кожным з іх яшчэ раз прайшлася сама, паглядзела, каб зарплата работніку не зменшылася. Аналагічная работа праведзена дырэктарам сярэдняй школы № 28 Мінска Інесай Класінскай с удзелам старшыні прафкама Людмілай Стагначовай. Такім чынам, кіраўнік сам можа зняць пытанні, якія ўзнікаюць у работніка, і быць у тэме, каб аператыўна прыняць меры пры неабходнасці.
Калі ў работнікаў, а таксама кіраўнікоў устаноў адукацыі будуць узнікаць пытанні, звязаныя з новай аплатай працы, можна звярнуцца па дапамогу ў арганізацыі галіновага прафсаюза.
Наколькі галіновы прафсаюз здольны ўплываць на наймальніка ў плане памеру надбавак за характар працы?
Па-першае, галіновы прафсаюз распрацаваў і прадаставіў наймальніку прыкладную форму палажэння аб аплаце працы. Па-другое, у кожнай установе адукацыі створана камісія, куды ўваходзіць прадстаўнік прафсаюза, як правіла, гэта старшыня прафкама. Гэта значыць, што меркаванне прафсаюза пры ўстанаўленні надбавак канкрэтнаму работніку ўлічваецца і права голасу ў старшыні прафкама ёсць. Больш за тое, такія загады ўзгадняюцца праз пасяджэнні прафсаюзнага камітэта. Адзначу зладжанасць у дзейнасці з абодвух бакоў — прафсаюзнага камітэта і наймальніка — у большасці арганізацый.
Думаю, што ўсё залежыць ад установы адукацыі, ад таго, наколькі выбудавана ўзаемадзеянне. Я сама зараз часта выязджаю ў працоўныя калектывы і ў прысутнасці наймальніка на сходзе заклікаю людзей задаваць набалелыя пытанні, асабліва ў наш адрас. Акрамя таго, заўсёды прагаворваю людзям, што буду на працягу паўгадзіны пасля агульнай сустрэчы з працоўным калектывам знаходзіцца ў прафкаме ці ў актавай зале, і чакаю іх пытанняў. Хтосьці лепш задасць пытанне індывідуальна, а не публічна. Калі ж у работнікаў, а таксама кіраўнікоў устаноў адукацыі будуць узнікаць пытанні, звязаныя ў тым ліку з новай аплатай працы, можна звярнуцца ў арганізацыі галіновага прафсаюза. Наша задача — папрацаваць сумесна, убачыць, як укараняецца ў работу новы дакумент, каб пры неабходнасці ў далейшым удасканаліць нормы палажэння аб устанаўленні надбаўкі за характар працы.
Запісала Наталля КАСТЭНКА